Беларусы і літоўцы разыграюць пуцёўку ў групу ЛЧ
24 сентября 2020

Белорусы и литовцы разыграют путевку в группу ЛЧ

Сёння ў балгарскім Боцеўградзе «Цмокі-Мінск» і «Нептунас» пазмагаюцца за групавы этап ЛЧ. Наш супернік з краіны, дзе моцная баскетбольная культура, але чэмпіёнам ніколі не быў. Глядзім, што яшчэ вядома пра літоўцаў.

Neptunas

«Нептунас» - баскетбольны клуб з Літвы з даўнімі традыцыямі. Заснаваны яшчэ ў 1962 годзе ён з'яўляецца бесперапынным удзельнікам Літоўскай Баскетбольнай Лігі. Двойчы за гэты час станавіўся срэбным прызёрам турніру. У сезоне 2014/2015 клуб выступаў у Еўралізе, а на наступны год спрабаваў сілы ў Еўракубку. Мінулы гульнявы год літоўцы правялі ў Лізе Чэмпіёнаў, але тады яны пачыналі сезон адразу з групавога этапу. Сёлета з-за адмовы «Рытаса» ад Еўракубку, і ўдзелу каманды рангам вышэй у ЛЧ, «Нептунас» змушаны прабівацца праз кваліфікацыю.

Міжсезонне далося «Нептунасу» няпроста. Фінансавыя цяжкасці вымусілі літоўцаў адмовіцца ад паслуг адзінага легіянера разыгрываючага Дарына Дорсі. Апроч таго, клуб пакінулі цэнтравы Гіціс Мацюліс, свінгмэн Тадас Сэдэкерсіс, абаронца Томас Дзелінінкайціс, дасведчаныя літоўскія форварды Асвальдас Алішэвічус і Дэйвідас Гайлюс. Апошні прыносіў нямала карысці сваёй камандзе ў мінулым сезоне. Прыкладам, у Лізе Чэмпіёнаў ён правёў 14 гульняў з сярэднімі паказнікамі ў 16.6 ачкоў, 3.6 падборы і 2.9 перадачы.

На змену ім прыйшлі Матас Джагела з «Прыенае», з «Шаўляю» цэнтравы Бенас Грычунас і абаронца Эвальдас Саулус, з «Дзелікатэсасу» Гейдрус Станкевічус, з мясцовага «Ювентусу» Нарбертас Гіга, вярнуўся з Таліну Тадас Пажера. Пры гэтым, Саулус адсутнічаў у заяўцы на гульню з «Лондан Лайнс». З-за пашкоджання спіны прапускае старт сезону і 23-гадовы разыгрываючы Айдас Эйнікіс, а пасля матчу ЛКЛ з алітускай «Дзукіёй» захварэў і застаўся ў Клайпедзе Сімас Галдзікас.

Трэнеруе каманду мясцовы спецыяліст Томас Гайдамавічус. 2,5 года ён працаваў з моладзевай камандай Клайпеды, а ў лютым 2020 узначаліў асноўную. Яго асістэнт Сандзіс Бушкевічс пагуляў у свой час у Польшчы, Латвіі, Іране, Італіі, Турцыі і Расіі (у сезоне 2003/2004 паўгода правёў ва «Урал-Грэйце»). Цікавы факт, што ён з'яўляецца хросным бацькам Томса Лэйманіса.

Tsmoki

У перадсезонцы літоўцы правялі 2 сустрэчы з украінскім «Праметэем», абмяняўшыся перамогамі. У першым матчы нацыянальнага чэмпіянату перайгралі «Алітус Дзукію» (84:81). А ў паўфінале нашай групы былі мацнейшымі за лонданскіх «Львоў» - 77:73.

Цэнтравы Норбертас Гіга адзначыўся ў ЛЧ дабл-даблам з 15 ачкоў і 14 падбораў. Столькі ж ачкоў плюс 8 падбораў у форварда Дзюгаса Славінскаса. 8 рэзультатыўных перадач аддаў Зігімантас Янавічус. Пры гэтым абодва супернікі даволі шмат фалілі, што дазволіла літоўцам набраць 19 штрафных ачкоў з 25 магчымых у гэтай сустрэчы (у брытанцаў было 19 кідкоў і рэалізаваных 11). Для параўнання ў нашай гульні абодва супернікі падыходзілі да лініі штрафу 23 разы на дваіх.

Neptunas

«Нептунас» шмат кідае з перыметру, і яго дакладнасць вагаецца ў раёне 25-30 адсоткаў. Каманда шмат працуе пад шчытамі, здзяйсняючы плюс-мінус 40 падбораў. Гэта можна патлумачыць прыстойным сярэднім узростам каманды ў 200 см. Але і губляюць мяч падапечныя Гайдамавічуса даволі часта. У паўфінальнай сустрэчы ў пасіве каманды 19 страт. Тады як у «Цмокаў» набралося 11.

Гульня «Цмокі-Мінск» - «Нептунас» пачнецца сёння ў 20.00. На жаль, прагляд з балгарскага тэлебачання даступны толькі з выкарыстаннем VPN-праграм.
Меню